Эдвард Адамавіч Вайніловіч
From Wikipedia, the free encyclopedia
Э́двард Ада́мавіч Вайніло́віч ці поўнасцю Э́двард Анто́ній Леана́рд Ада́мавіч Вайніло́віч (польск.: Edward Woyniłłowicz, руск.: Эдвард Адамович Войнилович[заўв 1]; 13 кастрычніка 1847, Вялікая Сляпянка, Мінскі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя — 16 чэрвеня 1928, Быдгашч, Рэспубліка Польшча) — буйны гаспадарчы і палітычны дзеяч Расійскай імперыі і Беларусі, мецэнат, фундатар, рэфарматар мясцовай сельскай гаспадаркі. Стацкі саветнік (1905).
Эдвард Адамавіч Вайніловіч | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
бел.: Эдвард Антоній Леанард Адамавіч Вайніловіч | |||||||
| |||||||
|
|||||||
Папярэднік | Віктар Фларыянавіч Свіда | ||||||
Пераемнік | Раман Аляксандравіч Скірмунт (1868—1939) | ||||||
|
|||||||
Папярэднік | граф Аляксандр Аляксандравіч Мусін-Пушкін (1856—1907) | ||||||
Пераемнік | няма (пасада скасавана) | ||||||
|
|||||||
Папярэднік | няма (пасада заснавана) | ||||||
Пераемнік | князь Геранім Эдвінавіч Друцкі-Любецкі (1861—1919) | ||||||
|
|||||||
Папярэднік | няма (пасада заснавана) | ||||||
Пераемнік | граф Ян Эмілевіч Алізар (1855—1915) | ||||||
|
|||||||
Папярэднік | няма (пасада заснавана) | ||||||
Пераемнік | Яўстах Дабецкі (1855—1919) | ||||||
|
|||||||
Папярэднік | няма (пасада заснавана) | ||||||
Пераемнік | Раман Аляксандравіч Скірмунт (1868—1939) | ||||||
Нараджэнне |
13 кастрычніка 1847(1847-10-13) |
||||||
Смерць |
16 чэрвеня 1928(1928-06-16) (80 гадоў) |
||||||
Месца пахавання | Быдгашч, Польшча; (з 2006) Мінск, Беларусь | ||||||
Род | Вайніловічы | ||||||
Бацька | Адам Антонавіч Вайніловіч (1806—1874) | ||||||
Маці | Ганна (Анэля) Эдвардаўна Ваньковіч (1826—31.12.1893) | ||||||
Жонка | Алімпія Маркаўна Узлоўская (02.03.1861—08.05.1945). Шлюб 18 ліпеня 1882 | ||||||
Дзеці | 1) Гелена-Бянігна Эдвардаўна Вайніловіч (13.02.1884—12.02.1903); 2) Сямён Эдвардавіч Вайніловіч (17.06.1885—10.06.1897) | ||||||
Веравызнанне | каталік | ||||||
Адукацыя | |||||||
Дзейнасць | палітык, мецэнат | ||||||
Навуковая дзейнасць | |||||||
Навуковая сфера | палітыка[1] і мецэнацтва[d][1] | ||||||
Аўтограф | |||||||
Узнагароды | |||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Належаў да сярэднезаможнага шляхецкага роду Вайніловічаў герба «Сыракомля». Атрымаў тэхнічную і сельскагаспадарчую адукацыю і практыку (у тым ліку — за мяжой) — слуцкую гімназію (1861—1865), Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны тэхналагічны інстытут (1865—1869), сельскагаспадарчыя курсы ў Прушкаве (1872). Але хутка пачаў актыўна займацца ва ўласным маёнтку сельскагаспадарчай вытворчасцю, грамадскай і дзяржаўнай службай у родным Слуцкім павеце Мінскай губерні: выбіраўся членам (1880—1917) дабрачыннага таварыства ў Слуцкім павеце; па прызначэнні расійскіх улад быў шматгадовым ганаровым міравым суддзёю (1883—1917) Слуцкага павета і дэпутатам дваранства (1887—1917, 1918[заўв 2]) ад Слуцкага павета ў Мінскім дваранскім дэпутацкім сходзе; быў апекуном (1903—1914) над маяратамі малалетняга князя Альбрэхта Радзівіла; фінансаваў (разам з іншымі асобамі) будаўніцтва камерцыйнага вучылішча (т.зв. «гандлёвай школы») у Слуцку; арганізоўваў сельскагаспадарчыя выстаўкі і інш.
У 1878 г. уступіў у Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі (1878—1921), быў у 1888—1907 гг. яго віцэ-старшынёй, а ў 1907—1921 гг. старшынёй. З 1888 г. фактычна быў кіраўніком Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. У канцы XIX — пачатку XX стст. Эдвард Вайніловіч стаў адным з неафіцыйных лідараў карэнных (каталіцкіх і польскамоўных) дваран літоўска-беларускіх губерняў. Быў актыўным дзеячом беларускага нацыянальнага руху, з’яўляючыся лідарам беларускага дваранскага кансерватыўнага кірунку[2] ў апошнім і не прымаючы сацыялістычныя яго кірункі.
У 1905—1910 гг. на свае грошы пабудаваў у Мінску каталіцкі касцёл Святога Сымона і Святой Алены (Чырвоны касцёл) у памяць аб сваіх заўчасна памерлых дзецях. Быў шчырым католікам, але і заўзятым прыхільнікам міжнацыянальнага і міжканфесійнага міру, свабоды сумлення; будаваў праваслаўныя цэрквы, стаў заснавальнікам камітэта абароны праў яўрэяў і татар у Клецку.
Быў выбраны дэпутатам (1906—1909) ад Мінскай губерні ў Дзяржаўны Савет Расійскай імперыі, дзе ў 1906—1908 г. узначальваў групоўку дэпутатаў «Саюз Колаў Каралеўства Польскага і Краёў Літвы і Русі» (і паралельна яе частку — «Кола Літвы і Русі»). У 1906 г. адмовіўся ад прапанаванай Пятром Сталыпіным пасады намесніка міністра земляробства Расійскай імперыі. Стаў адным з лідараў ліберальна-кансерватыўнага кірунку «краёвасці» і першым старшынёй Краёвай партыі Літвы і Беларусі (1907—1908) — быў абаронцам права прыватнай уласнасці і выступаў за аўтаномію свайго краю ў складзе Расійскай імперыі, скасаванне саслоўных адрозненняў, ліквідацыю сялянскага малазямелля, развіццё сістэмы бясплатнай пачатковай адукацыі, прававую роўнасць народаў, моў, культур, канфесій і інш.
Дасягненнем дзейнасці Эдварда Вайніловіча ў Дзяржаўным Савеце Расійскай імперыі было ўвядзенне расійскім урадам у 1911 г. земстваў у Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай, Кіеўскай, Валынскай і Падольскай губернях, што паспрыяла эканамічнаму і культурнаму развіццю гэтых зямель. У 1911—1917 гг. быў (па выбары) дэпутатам ад «польскай» (каталіцкай) курыі Слуцкага павета ў мінскай губернскай земскай управе (мінскім земстве), дзе шукаў паразуменне з беларускім сялянствам і інтэлігенцыяй.
У час Першай сусветнай вайны як кіраўнік Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі аказваў дапамогу бежанцам і ахвярам вайны, захоўваў эвакуіраваную пародзістую жывёлу, арганізаваў догляд прыватных гаспадарак Мінскай губерні. Пасля падзення расійскага самаўладдзя ў ходзе Лютаўскай рэвалюцыі (1917) станоўча ўспрыняў працэс палітычнага самавызначэння беларусаў і стаў разам з іншымі лідарамі Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі актыўным прыхільнікам палітычнай суб’ектнасці Беларусі, робячы канкрэтныя для таго крокі, але адмоўна аднёсся да сацыялістычных лозунгаў скасавання прыватнай уласнасці на зямлю. У 1917 г. выдаткаваў грошы на Беларускі нацыянальны камітэт (у Мінску). Падтрымліваў свайго «палітычнага вучня» і паплечніка Рамана Скірмунта, які летам 1918 г. рабіў захады, каб Беларуская Народная Рэспубліка фарміравалася як капіталістычная дзяржава. У канцы кастрычніка 1918 г. увайшоў у якасці члена ў склад Рады БНР, а ў лістападзе 1918 г. падтрымаў ідэю стварэння канстытуцыйна-манархічнай дзяржавы Вялікае Княства Літоўска-Беларускае пад нямецкай апекай.
Пасля адыходу з Беларусі нямецкіх войск узначаліў Саюз палякаў беларускіх ускраін, актыўна ўдзельнічаў у снежні 1918 г. у арганізацыі набору і фінансавання Літоўска-беларускіх дывізій для абароны літоўска-беларускіх зямель ад бальшавікоў, падтрымаў ідэю ўваходжання літоўска-беларускіх зямель у склад аднаўлянай Юзафам Пілсудскім шматнацыянальнай федэратыўнай Рэчы Паспалітай, увайшоў у склад Польска-беларускага таварыства для палітычнага і культурнага супрацоўніцтва на Беларусі і Саюза маянткоўцаў Літвы і Беларусі ў Варшаве. У сакавіку 1920 г. у Вільні ўзначаліў арганізацыю землеўласнікаў літоўска-беларускіх зямель «Саюз саюзаў», створаную ў выніку рэарганізацыі Саюза маянткоўцаў Літвы і Беларусі ў Варшаве. У маі 1920 г. стаў ініцыятарам падачы асобнымі беларускімі нацыянальнымі дзеячамі (з кола Польска-беларускага таварыства для палітычнага і культурнага супрацоўніцтва на Беларусі) дэкларацыі аб саюзе Беларусі і Польшчы. Пасля заняцця ў ліпені 1920 г. бальшавікамі беларускіх зямель назаўсёды вымушана пакінуў родныя мясціны і пераехаў у польскі Бзовец (Люблінская губерня).
У студзені 1921 г. ад свайго імя і мясцовых землеўласнікаў адправіў Ігната Парэмбскага прадстаўляць інтарэсы Беларусі на мірных перагаворах паміж дэлегацыямі Польшчы, РСФСР і УССР у Рызе. Быў незадаволены рашэннямі Рыжскага мірнага дагавора (1921), які падзяляў Беларусь на часткі і ацаніў пазіцыю польскіх палітыкаў як здраду ідэалам адраджэння былой шматнацыянальнай Рэчы Паспалітай. У ходзе драматычных падзей частай змены ўлады ў Беларусі ў 1918—1919 гг. быў разрабаваны яго маёнтак Савічы на Случчыне і знішчаны старажытны архіў роду Вайніловічаў, што Эдвард Вайніловіч успрыняў як вялікую трагедыю. Калі па выніках Рыжскага мірнага дагавора (1921) дамы і маёнткі Вайніловічаў, як і многіх іншых землеўласнікаў, аказаліся на савецкім баку, Эдвард Вайніловіч са сваякамі прыняў грамадзянства Польшчы (Другой Рэчы Паспалітай), а пасля разам з Радай Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі вырашыў скасаваць арганізацыю, што і было прынята ў маі 1921 г. у Варшаве на агульным сходзе Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі.
У снежні 1921 г. са сваякамі вырашыў асесці ў польскім Быдгашчы, адышоў ад палітычнай дзейнасці і не ўступаў у палітычныя партыі. З 1921 г. актыўна фінансава падтрымліваў т.зв. «Крэсавы інтэрнат», заснаваны ў Быдгашчы для выхавання дзяцей землеўласнікаў Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў, чые маёнткі пасля Рыжскага мірнага дагавора (1921) апынуліся на тэрыторыі СССР і былі нацыяналізаваны. У 1923 г. быў выбраны на пасаду старшыні (1923—1928) арганізацыі эмігрантаў «Саюз палякаў усходніх ускраін», а ў 1927 г. — ганаровым членам (1927—1928) Навагрудскага таварыства сельскай гаспадаркі. Катэгарычна выступаў супраць палітыкі паланізацыі беларускага насельніцтва Польшчы і выказваўся (у тым ліку ў друку) у падтрымку развіцця беларускамоўнай культуры. Да канца свайго жыцця быў прыхільнікам злучэння разам усіх беларускіх зямель, стварэння польска-беларускай федэрацыі (каб мець Беларусі выхад да мора), а таксама вяртання польскамоўных землеўласнікаў і інтэлігенцыі Беларусі да пастаяннага ўжывання беларускай мовы, што, аднак, сустрэла мала спачувальнікаў. За прабеларускія погляды і дзеянні атрымаў у Польшчы (Другой Рэчы Паспалітай) рэпутацыю «апошняга беларускага баярына».
Памёр у Быдгашчы, дзе быў з пашанай пахаваны сваімі шматлікімі сябрамі і сваякамі. Пасля смерці Эдварда Вайніловіча яго жонка Алімпія Вайніловіч працягвала фінансава падтрымліваць «Крэсавы інтэрнат». 11 чэрвеня 2006 г. труна з рэшткамі Эдварда Вайніловіча была ўрачыста перапахавана ў Мінску (Беларусь) каля касцёла Святога Сымона і Святой Алены ў прысутнасці далёкіх сваякоў Вайніловічаў.