Аперацыя «Арго»
From Wikipedia, the free encyclopedia
«Апера́цыя „Арго́“» (англ.: Argo) — палітычны трылер рэжысёра Бена Афлека. Сюжэт карціны заснаваны на рэальных падзеях — аперацыі спецслужбаў па выратаванню шасці амерыканскіх дыпламатаў з Тэгерана. Сцэнарый напісаны па матывах артыкула Джошуа Бермана «Як ЦРУ выратавала амерыканцаў з Тэгерана фальшывым фантастычным фільмам»[~ 1] і кнігі Тоні Мендэса «Майстар маскіроўкі». Прэм’ера карціны адбылася 31 жніўня 2012 года (фестываль у Тэлурыдзе). У шырокі пракат яна выйшла 12 кастрычніка 2012 года.[5]
Стужка паказала нядрэнныя вынікі ў пракаце — сусветныя зборы склалі больш за $ 229,6 млн, з іх $ 135,8 млн у амерыканскім пракаце, нягледзячы на рэйтынг R, прысвоены з-за ўжывання ў дыялогах ненарматыўнай лексікі. Трэці рэжысёрскі вопыт Бена Афлека атрымаў неадназначную ацэнку крытыкаў. Пахвальных водгукаў заслужыў баланс дакументальнага падыходу да адлюстравання падзей і трылера, які трымае гледачоў у напружанні, хоць канцоўка вядома з самага пачатку. Падбор выканаўцаў і гульня акцёраў другога плана таксама атрымалі высокую ацэнку. Апраўдаўшы прагнозы, карціна выйграла тры статуэткі «Оскара» ў сямі намінацыях, заваяваўшы ў 2013 годзе ўзнагароду акадэміі ў галоўнай намінацыі «Лепшы фільм». Таксама карціна заслужыла мноства іншых кінематаграфічных узнагарод, у тым ліку «Залаты глобус» і BAFTA ў некалькіх намінацыях.
Сур’ёзныя дыскусіі выклікала гістарычная дакладнасць падзей, паказаных у фільме, і яго палітычны кантэкст. Стваральнікаў карціны абвінавачвалі ў прыніжэнні ролі канадскіх спецслужбаў, празмернай палітычнай ангажаванасці і занадта вольнай трактоўцы падзей. Карціна была забаронена да паказу ў Іране, бо ў ёй, на думку кіруючых колаў, гісторыя была перакручана і паднесена з праамерыканскага пункту гледжання.