Бясслаўныя вырадкі
From Wikipedia, the free encyclopedia
«Бяссла́ўныя вы́радкі» (англ.: Inglourious Basterds [sic], МФА: [ɪnˈɡlɔɹ.i.əs ˈbæstɝdz]) — фільм, зняты рэжысёрам Квенцінам Таранціна па сваім сцэнарыі. Здымкі фільма пачаліся ўвосень 2008 года ў Францыі і Германіі, прэм’ера адбылася на Канскім кінафестывалі ў 2009 годзе. Дзеянне карціны, у якой зняліся Брэд Піт, Майк Маерс, Элай Рот і Крыстаф Вальц, адбываецца ў Францыі падчас Другой сусветнай вайны.
Фільм атрымаў пераважна станоўчыя водгукі кінакрытыкаў і сабраў у сусветным пракаце больш за 320 млн долараў[10][11]. Карціна была высунута на дзевяць прэмій «Оскар» (перамагла ўсяго ў адной намінацыі — прэмія «за найлепшую мужчынскую ролю другога плана» дасталася Крыстафу Вальцу, які таксама атрымаў «Залаты глобус» і BAFTA), чатыры прэміі «Залаты глобус» і шэсць прэмій BAFTA[12][13][14]. Акцёрская праца Крыстафа Вальца, які выканаў ролю штандартэнфюрара СС Ганса Ланды, была высока ацэнена вядучымі кінааналітыкамі свету, многія з якіх прызнавалі яе «жамчужынай» фільма і «сакрэтнай зброяй Таранціна»[15][16][17].
Падводзячы кінавынікі дзесяцігоддзя, шмат хто з аглядальнікаў уключыў «Бясслаўных вырадкаў» ва ўласныя спісы найлепшых фільмаў не толькі года, але і першых дзесяці гадоў XXI стагоддзя[18][19].