Віленскія кансерватары
From Wikipedia, the free encyclopedia
Ві́ленскія кансерва́тары («зубры́», «ві́ленскія зубры́», «крэ́савыя зубры́») (польск.: Żubry, Konserwatyści wileńscy, Żubry wileńscy, Żubry Kresowe) — палітычная групоўка канстытуцыйна-манархічнага і кансерватыўнага характару ў Польшчы ў 1918—1939 гг., прадстаўленая галоўным чынам, карэнным каталіцкім і польскамоўным сярэднезаможным і заможным дваранствам Заходняй Беларусі і звязанай з ім інтэлігенцыяй[1]. Віленскія кансерватары лічылі сябе нашчадкамі гісторыі і традыцый Вялікага Княства Літоўскага, выказваліся за аднаўленне манархічнай і федэрацыйнай Рэчы Паспалітай у межах 1772 года, за далучэнне да Польшчы тэрыторый былых Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губерняў і стварэння пасля таго польска-беларускай федэрацыі. Яны выступалі праціўнікамі польскіх сацыялістаў і «эндэкаў»; патрабавалі павагі права прыватнай уласнасці, павагі каталіцызма і іншых веравызнанняў; выказваліся за дэцэнтралізацыю кіравання дзяржавай і развіццё мясцовага самакіравання; за стымуляванне эканамічнага развіцця Заходняй Беларусі і доступ беларусам на дзяржаўныя пасады, за падтрымку праваслаўнай царквы і ўвядзенне беларускай мовы ў праваслаўнае набажэнства; прыхільна-нейтральна ставіліся да фармавання беларускай нацыянальнай свядомасці ў беларускамоўных сялян Польшчы, аднак самі канчаткова паланізаваліся і ўключаліся ў склад польскага этнасу[2]. Падтрымалі «майскі пераварот» (1926), мелі пэўны час двух міністраў ва ўрадзе, а таксама былі прадстаўлены ў сейме і сенаце Польшчы, дзе ўваходзілі ў склад Беспартыйнага блока супрацоўніцтва з урадам (BBWR), які падтрымліваў Юзафа Пілсудскага. У 1935 г. з-за слабеючых палітычных пазіцый былі вымушаны пайсці на саюз з польскімі «эндэкамі». З пачаткам Другой сусветнай вайны ў 1939 г. перасталі існаваць як палітычная групоўка.