Дыяграма Герцшпрунга — Расела
From Wikipedia, the free encyclopedia
Дыяграма Герцшпрунга — Расела (варыянты транслітарацыі: Дыяграма Герцшпрунга — Рэсела, Расела, ці проста Дыяграма Г-Р або дыяграма колер — зорная велічыня, дыяграма спектр — свяцільнасць) паказвае залежнасць паміж абсалютнай зорнай велічынёй, свяцільнасцю, спектральным класам і тэмпературай паверхні зоркі. Нечаканым з’яўляецца той факт, што зоркі на гэтай дыяграме размяшчаюцца не выпадкова, а ўтвараюць добра адрозныя ўчасткі.
Была прапанавана прыкладна ў 1910 годзе незалежна Эйнарам Герцшпрунгам (Данія) і Генры Раселам (ЗША). Дыяграма выкарыстоўваецца для класіфікацыі зорак і адпавядае сучасным уяўленням аб зорнай эвалюцыі.
Дыяграма дае магчымасць (хоць і не вельмі дакладна) знайсці абсалютную велічыню па спектральным класе. Асабліва для спектральных класаў O-F. Для позніх класаў гэта ўскладняецца неабходнасцю зрабіць выбар паміж гігантам і карлікам. Аднак пэўныя адрозненні ў інтэнсіўнасці некаторых ліній дазваляюць упэўнена зрабіць гэты выбар[1].
Каля 90% зорак знаходзіцца на галоўнай паслядоўнасці. Іх свяцільнасць абумоўлена тэрмаядзернымі рэакцыямі ператварэння вадароду ў гелій. Вылучаецца таксама некалькі галін праэвалюцыянаваўшых зорак-гігантаў, у якіх адбываецца гарэнне гелію і больш цяжкіх элементаў. У левай ніжняй частцы дыяграмы знаходзяцца цалкам праэвалюцыянаваўшыя белыя карлікі.