Магдэбургскае права
From Wikipedia, the free encyclopedia
Магдэбу́ргскае пра́ва — феадальнае гарадское права, якое склалася ў нямецкім горадзе Магдэбург у ХІІ—ХІІІ стст.
Магдэбургскае права склалася з розных крыніц, у т.л. з прывілеяў, выдадзеных архіепіскапам Віхманам гарадскому патрыцыяту (1188), Саксонскага зярцала, пастаноў суда шэфенаў Магдэбурга і інш. Мела ўніверсальны характар, г.зн. трактавала розныя віды праваадносін: дзейнасць гарадской улады, суда, яго кампетэнцыю і парадак судаводства, пытанні зямельнай уласнасці «ў межах горада», парушэнні ўладання, захопу нерухомасці, устанаўлівала пакаранні за розныя віды злачынстваў і г.д. Асобае месца займалі нормы, што рэгулявалі гандаль і рамесніцтва, дзейнасць цэхаў і купецкіх гільдый, парадак падаткаабкладання. Магдэбургскае права з'явілася юрыдычным замацаваннем поспехаў гараджан у барацьбе з феадаламі за самастойнасць. Яно давала гораду права на самакіраванне і ўласны суд, права зямельнай уласнасці і вызваленне ад большай часткі феадальных павіннасцей. Магдэбургскае права было перанята многімі гарадамі Усходняй Германіі, Усходняй Прусіі, Сілезіі, Чэхіі, Венгрыі, Польшчы.