Элементарная часціца
бесструктурная элементарная часціца, якую да цяперашняга часу не ўдалося апісаць як састаўную / From Wikipedia, the free encyclopedia
Элемента́рная часці́ца — у першапачатковым значэнні — першасная, далей нераскладальная часціца. З элементарных часціц складаецца ўся матэрыя. У сучаснай фізіцы паняцце звычайна ўжываецца не ў дакладным значэнні, а меней строга — для азначэння вялікай групы драбнейшых часціц матэрыі, падпарадкаваных умове, што яны не атамы або атамныя ядры (выключэнне — пратон).
Цяпер налічваюць больш за 400 элементарных часціц.
Усе элементарныя часціцы маюць уласцівасць узаемаператварэння, якое ёсць следствам іх узаемадзеянняў: моцнага, электрамагнітнага, слабага і гравітацыйнага. Узаемадзеянні часціц выклікаюць ператварэнні часціц і іх сукупнасцей у іншыя часціцы і іх сукупнасці, калі такія ператварэнні не пярэчаць законам захавання энергіі, імпульсу, моманту колькасці руху, электрычнага зарада і інш.
Асноўныя характарыстыкі элементарных часціц: маса, спін, электрычны зарад, час жыцця, цотнасць, G-цотнасць, магнітны момант, лептонны зарад, ізатапічны спін, CP-цотнасць, зарадавая цотнасць.