Францыя
краіна ў Заходняй Еўропе / From Wikipedia, the free encyclopedia
Фра́нцыя (фр.: France, МФА (фр.): [fʁɑ̃s]), Францу́зская Рэспу́бліка (фр.: République française, МФА (фр.): [ʁe.py.blik fʁɑ̃.sɛz]) — краіна ў Заходняй Еўропе, што ўключае ў сябе таксама некалькі заморскіх рэгіёнаў і тэрыторый. Метрапольная Францыя мяжуе з Бельгіяй, Люксембургам, Германіяй, Швейцарыяй, Італіяй і Манака на ўсходзе, Андорай і Іспаніяй на поўдні, і аддзеленая пралівам Ла-Манш ад Вялікабрытаніі на поўначы. Таксама ў Францыю ўваходзяць тэрыторыі, размешчаныя ў розных частках свету.
| |||||
Размяшчэнне Францыі (цёмна-зялёны): — у Еўропе (светла-зялёны і цёмна-шэры) — у Еўрапейскім саюзе (светла-зялёны) | |||||
Дэвіз: «Liberté, Égalité, Fraternité» «Свабода, роўнасць, братэрства» | |||||
Гімн: «Марсельеза» | |||||
Заснавана | 843 (Вердэнскі дагавор) 1958 (Пятая рэспубліка) | ||||
Афіцыйная мова | Французская | ||||
Сталіца | Парыж | ||||
Найбуйнейшыя гарады | Парыж, Марсель, Ліён, Тулуза, Бардо, Ліль | ||||
Форма кіравання | Прэзідэнцка-парламенцкая рэспубліка | ||||
Прэзідэнт Прэм'ер-міністр Старшыня Сената Старшыня Нацыянальнай Асамблеі | Эмануэль Макрон Элізабет Борн Жэрар Ларшэ Клод Барталон | ||||
Плошча • Усяго • % воднай паверхні | 47-я ў свеце 674 843[1] км²/547 030[2] км² 0,26 % | ||||
Насельніцтва • Ацэнка (2022) • Шчыльнасць | 68 038 тыс. чал. (20-я) 116 чал./км² | ||||
ВУП • Разам (2019) • На душу насельніцтва |
$3,081 (10-ы) $47,113 | ||||
ІРЧП (2017) | ▲ 0,901 (вельмі высокі) (24-ы) | ||||
Этнахаронім | француз, францужанка, французы | ||||
Валюта | Еўра[3], ціхаакіянскі франк[4] | ||||
Інтэрнэт-дамен | .fr, .eu[5] | ||||
Код ISO (Alpha-2) | FR | ||||
Код ISO (Alpha-3) | FRA | ||||
Код МАК | FRA | ||||
Тэлефонны код | +33 | ||||
Часавыя паясы | -10..+12 | ||||
|
Францыя з’яўляецца ўнітарнай паўпрэзідэнцкай рэспублікай са сталіцай у Парыжы, найбуйнейшым горадзе краіны і галоўным культурным і эканамічным цэнтры. Падзяляецца на 18 рэгіёнаў, 5 з якіх адносяцца да заморскіх.[1] Найбуйнейшая заморская тэрыторыя — Французская Гвіяна — знаходзіцца ў Паўднёвай Амерыцы.
Увесь жалезны век тэрыторыю сучаснай Францыі насялялі кельцкія плямёны галаў. Пад уладу Рыму Галія трапіла ў 51 годзе да н.э. У 476—843 з’яўлялася асновай дзяржавы Франкаў, з заходняга кавалка якой — Заходне-Франкскага каралеўства — у 987 годзе паўстала каралеўства Францыя. Усё наступнае Сярэднявечча, асабліва пасля перамогі ў Стогадовай вайне, Францыя была магутнай рэгіянальнай сілай. Эпоха Адраджэння прынесла росквіт французскай культуры, а таксама падаравала дзяржаве багатыя калоніі па ўсім свеце. Падчас праўлення караля-сонца Людовіка XIV Францыя была самай магутнай дзяржавай Еўропы. Рэвалюцыя канца XVIII стагоддзя зрынула абсалютную манархію і ўпершыню ў свеце дэкларавала правы чалавека і грамадзяніна на дзяржаўным узроўні. У XIX стагоддзі Францыя была двойчы імперыяй (Напалеон I і Напалеон III), аднойчы каралеўствам і двойчы рэспублікай. У XX стагоддзі Францыя стала арэнай дзвюх сусветных войн, падчас другой зведала чатырохгадовую фашысцкую акупацыю. З 1958 Французская дзяржава вядома як Пятая Рэспубліка.
Па памерах тэрыторыі Францыя з’яўляецца 42-й краінай у свеце, пры тым самай вялікай у Заходняй Еўропе і Еўрапейскім саюзе і трэцяй у Еўропе ў цэлым. Насельніцтва краіны складае 67 млн чалавек, гэта 21-ы паказчык паводле колькасці насельніцтва ў свеце і 2-і ў ЕС. Для Францыі характэрны высокі па еўрапейскіх мерках натуральны прырост насельніцтва, гэтаксама краіна з’яўляецца магнітам для мігрантаў. Этнічны склад стракаты. Дзяржаўная мова — французская, самая распаўсюджаная рэлігія — каталіцтва. Найбуйнейшыя гарады — Парыж, Ліён, Марсель, Ліль.
Францыя застаецца вялікай дзяржавай са значным культурным, эканамічным, ваенным і палітычным уплывам як у Еўропе, гэтак і ва ўсім свеце[2]. Дзяржава мае пяты ў свеце па велічыні ваенны бюджэт[3], трэці арсенал ядзернай зброі[4], і другі па велічыні дыпламатычны корпус[5]. Касмічная дзяржава, мае ўласны касмадром у Французскай Гвіяне.
Францыя з’яўляецца развітай краінай і мае сёмую па аб’ёме эканоміку ў свеце паводле намінальнага ВУПу і дзясятую паводле велічыні па парытэце пакупніцкай здольнасці.[6]. Развітая хімічная прамысловасць цягне за сабой усе іншыя галіны. Найбуйнейшы ў ЕС вытворца і экспарцёр сельскагаспадарчай прадукцыі. Самая наведвальная турыстамі краіна свету.