Славянскія мовы
моўная група славянскіх народаў / From Wikipedia, the free encyclopedia
Славянскія мовы — група роднасных моў індаеўрапейскай сям'і; распаўсюджаныя на тэрыторыі Еўропы і Азіі. Агульны лік носьбітаў каля 400 млн чалавек[1]. Адрозніваюцца вялікай ступенню блізкасці адна да адной, гэта праяўляецца ў структуры слова, ужыванні граматычных катэгорый, структуры сказа, семантыцы, сістэме рэгулярных гукавых адпаведнікаў, марфаналагічных чаргаваннях. Такая блізкасць тлумачыцца адзінствам паходжання славянскіх моў і іх працяглымі і інтэнсіўнымі кантактамі паміж сабой на ўзроўні літаратурных моў і дыялектаў.
З іншых індаеўрапейскіх моў да славянскіх бліжэй за ўсё балтыйскія мовы. Іаган Ботвідус сцвярджаў, што «Славянская мова — супольная для харватаў, далматаў, палякаў, літоўцаў, маскавітаў і русінаў»[2].
Славянскія мовы па ступені іх блізкасці адна да адной прынята дзяліць на 3 групы: усходнеславянскія, заходнеславянскія і паўднёваславянскія.
Для запісу сучасных славянскіх моў выкарыстоўваюцца кірыліца і лацініца. Раней выкарыстоўваліся таксама глаголіца і арабскае пісьмо.
Лічыцца, што ўсе славянскія мовы пайшлі ад гіпатэтычнай праславянскай мовы.