Аляхновіцкае ўзвышша
From Wikipedia, the free encyclopedia
Аляхновіцкае ўзвышша — паўночна-заходняя частка Менскага ўзвышша, якая знаходзіцца ў Маладэчанскім раёне Менскай вобласьці. На паўднёвым захадзе абмежавана далінай Заходняй Бярэзіны, на паўночным усходзе — далінай Вушы. На поўначы стромкім уступам падыходзіць да забалочанай Нарачанска-Вялейскай нізіны.[1]
Рэльеф узвышша плоскахвалісты, з адноснымі перавышэньнямі каля 5 м. Ускраіны крутыя, зыходзячы да рачных далінаў, утвараюць высокія схілы да 20 м. Глебы дзярнова-падзолістыя, у асноўным выкарыстоўваюцца пад пашу. Расьліннасьць прадстаўлена на схілах хмызьнякамі і масівамі лесу.[1]
Найвышэйшы пункт Аляхновіцкага ўзвышша — 313 м. Назвы ня мае. Знаходзіцца на лясістым пагорку паміж вёскамі Ўланаўшчына, Гірдзі і Воўкаўшчына Маладэчанскага раёну, за 15 км на паўднёвы ўсход ад г. Маладэчна. Вяршыня пазначана разбураным трыянгулятарам.