Ангельская мова
заходнегерманская мова / From Wikipedia, the free encyclopedia
Анге́льская мо́ва, таксама анґе́льская мо́ва (саманазва: English, the English language) адносіцца да заходняй падгаліны германскае галіны індаэўрапейскае моўнае радзіны. Упершыню гэтаю моваю пачалі размаўляць раньнім Сярэднявеччам ў Ангельшчыне, і да цяперашняга часу яна найбольш шырока выкарыстоўваецца ў сьвеце[1]. Ёю размаўляе як першаю моваю большасьць насельніцтва шэрагу сувэрэнных дзяржаваў, сярод якіх Вялікабрытанія, Злучаныя Штаты, Канада, Аўстралія, Ірляндыя, Новая Зэляндыя й шэраг краінаў Карыбскага рэґіёну. Гэта трэцяя родная мова ў сьвеце што да колькасьці носьбітаў, пасьля кітайскай і гішпанскай моваў[2]. Ангельская мова шырока вывучаецца як другая мова ва ўсім сьвеце, яна ёсьць афіцыйная мова Эўрапейскага Зьвязу, многіх краінаў Садружнасьці й Арґанізацыі Аб’яднаных Нацыяў, а таксама шматлікіх арґанізацыяў сьвету.
Ангельская | |
English | |
Валоданьне ангельскай мовай як роднай па сьвеце | |
Ужываецца ў | Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і іншых краінах |
---|---|
Рэгіён | Галоўным чынам Заходняя Эўропа, Паўночная Амэрыка, Аўстралія, Азія |
Колькасьць карыстальнікаў | Для 340 мільёнаў зьяўляецца роднай. Для 600 мільёнаў — другой. |
Клясыфікацыя | Індаэўрапейская радзіна
|
Афіцыйны статус | |
Афіцыйная мова ў | Дэ-факта альбо дэ-юрэ — у шэрагу пераважна ангельскамоўных краінаў сьвету (ЗША, Вялікабрытанія і г.д.); таксама — у краінах з ангельскамоўнай меншасьцю, але наяўнасьцю ў гісторыі ангельскамоўнага панаваньня (Пакістан, Індыя і г.д.) |
Рэгулюецца | — |
Статус: | 1 дзяржаўная[d] |
Пісьмо | лацінскае пісьмо і English orthography[d] |
Коды мовы | |
ISO 639-1 | en |
ISO 639-2(Б) | eng |
ISO 639-2(Т) | eng |
ISO 639-3 | eng |
SIL | ENG |
Ангельская мова паходзіць ад мовы германскіх плямёнаў (фрызаў, англаў, саксаў ды ютаў), якія перасяліліся ў Брытанію ў V стагодзьдзі. Зь іх дыялектаў утварылася стараангельская мова. Пасьля нармандзкага заваяваньня ў 1066 годзе ў стараангельскую мову перайшло шмат францускіх словаў. Адгэтуль, а таксама празь зьнікненьне часткі інфлексіяў, зьяўляецца сярэднеангельская мова. Сьледам за тым адбыліся значныя зьмены ў вымаўленьні, якія прывялі да ўзьнікненьня (каля 1500 году) сучаснае ангельскае мовы. У наш час існуе вялікая колькасьць рэґіянальных дыялектаў ангельскае мовы (брытанская ангельская, шатляндзкая ангельская, амэрыканская ангельская, індыйская ангельская ды гэтак далей).
У зьвязку з засваеньнем вялікае колькасьці словаў з шматлікіх іншых моваў працягам ўсёй сваёй гісторыі сучасная ангельская мова зьмяшчае шырокі слоўнікавы запас з складаным і нерэгулярным правапісам, асабліва ў дачыненьні да галосных. Сучасная ангельская асымілюе ня толькі словы зь іншых эўрапейскіх моваў, але й моваў з усяго сьвету. Оксфардзкі слоўнік ангельскай мовы налічвае больш за 250 тысячаў розных словаў, бязь ліку шматлікіх тэхнічных, навуковых і слэнґавых тэрмінаў[3][4].