Гісторыя Слуцку
From Wikipedia, the free encyclopedia
Слуцак — старажытнае магдэбурскае места, цэнтар гістарычнага рэгіёну (частка Наваградчыны), колішняя рэзыдэнцыя князёў Алелькавічаў. За Радзівіламі места стала цэнтрам вытворчасьці шаўковых паясоў, аднаго з сымбаляў беларусаў. У 1920 годзе ў ваколіцах Слуцку адбылося ўзброенае выступленьне ў абарону незалежнасьці Беларусі. Да нашага часу захаваліся барокавыя царква Сьвятога Міхала Арханёла і жылы корпус кляштару бэрнардынаў, клясыцыстычныя будынкі шляхецкага сходу, Трайчанскага манастыра і кальвінскай гімназіі, помнікі архітэктуры XVIII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся мескія ўмацаваньні з трыма мураванымі брамамі, зруйнаваныя расейскімі ўладамі, а таксама царква Сьвятой Тройцы, касьцёл Сьвятога Антонія, кальвінскі збор і сынагога, помнікі архітэктуры XVII—XIX стагодзьдзяў, зруйнаваныя савецкімі ўладамі. Апроч таго, у месьце знаходзілася вялікая колькасьць помнікаў драўлянай сакральнай архітэктуры Вялікага Княства Літоўскага.