Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс
Рэзідэнцыя Радзівілаў / From Wikipedia, the free encyclopedia
Нясві́жскі пала́цава-па́ркавы ко́мплекс — помнік архітэктуры XVI—XVIII стагоддзяў. Закладзены князем М. К. Радзівілам Сіроткам у 1583 г. на паўднёвым захадзе ад Нясвіжа, на месцы драўлянага замка (1533). На пачатку (да 1599 г.) у будаўніцтве ўдзельнічаў італьянскі архітэктар Дж. Бернардоні[1]. У XVI—XX стагоддзях — рэзідэнцыя князёў Радзівілаў. Уключае ў сябе ўласна замак, замкавыя ўмацаванні, а таксама вялікі ландшафтна-пейзажны парк.
Замак | |
Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс | |
---|---|
53°13′22,36″ пн. ш. 26°41′30,25″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Нясвіж |
Архітэктурны стыль | архітэктура барока[d] |
Архітэктар | Джавані Марыя Бернадоні |
Заснавальнік | Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка |
Дата заснавання | 1583 |
Будаўніцтва | XVI—XVIII стагоддзі |
Сайт | niasvizh.by |
Аб’ект Сусветнай спадчыны | |
Architectural, Residential and Cultural Complex of the Radziwill Family at Nesvizh (Архітэктурны, жылы і культурны комплекс роду Радзівілаў у горадзе Нясвіжы) |
|
Спасылка | № 1196 у спісе аб’ектаў Сусветнай спадчыны (en) |
Тып | Культурны |
Крытэрыі | II, IV, VI |
Рэгіён | Еўропа і Паўночная Амерыка |
Уключэнне | 2005 (29-я сесія) |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Нясвіжскі замак з'яўляецца родапачынальнікам новага тыпу бастыённых умацаванняў у Беларусі — так званай новаітальянскай сістэмы. На момант пабудовы замак лічыўся адным з самых магутных і дасканалых збудаванняў падобнага тыпу. У замку не было недахопу ў артылерыі, ручной агнястрэльнай зброі і вайсковай амуніцыі[2]. Замак меў важнае ваеннае значэнне на працягу некалькіх стагоддзяў, быў месцам сканцэнтравання атрадаў прыватнай арміі Радзівілаў[3].
У агульнай планіроўцы і пабудове Нясвіжскага замка прыкметная тэндэнцыя да сіметрычнасці. Цэнтральны корпус, значна перабудаваны ў XVIII стагоддзі, вылучаецца сваім архітэктурна-мастацкім рашэннем. Пілястры, рэльефныя дэкарацыі, скульптурныя застаўкі надаюць фасаду пластычнасць, багатая ляпніна высокага франтона з гербам — шыкоўнасць і ўрачыстасць.
3 тыльнага боку цэнтральнага корпуса знаходзіцца двухпавярховая прыбудова з тэрасай і дзвюма вуглавымі вежамі, а ва ўсходняй васьміграннай вежы на другім паверсе — каплічка князя, перакрытая купалком з ляпнінай.
Вежа з аркай уезду ў замак вынесена наперад да моста і выканана ў выглядзе параднай брамы, характэрнай для беларускага дойлідства. Арка пераходзіць у тунэль са скляпеннямі, які праразае насыпны вал і выводзіць у двор насупраць цэнтральнага корпуса. Такі прыём стварае цікавую глыбінную перспектыву.
Вонкава палац выглядаў заўсёды вельмі рамантычна: манументальнае збудаванне з гарманічнымі вежамі рознай велічыні, узнятае над вадой, патанае ў зеляніне дрэў[4].
Сярэднявечны феадальны замак пасля некалькіх перабудоў ператварыўся ў палацава-замкавы ансамбль з вялікім адкрытым дваром, акружаным манументальнымі будынкамі. У ім пераплялося мноства розных стыляў, што сведчыць аб выкарыстанні мастацкіх дасягненняў розных гістарычных эпох[3]. Упрыгожаны стройнымі вежамі і вежкамі, комплекс набыў рамантычную прывабнасць, а вада ў сажалках і яркая зеляніна ландшафтнага парку завяршылі фарміраванне палацава-замкавага комплексу, аднаго з лепшых ва Усходняй Еўропе[5].
Увесь комплекс занесены ў Сусветную спадчыну ЮНЕСКА з 2005 года.