Шанхай Мастэрс 2016 (снукер)
From Wikipedia, the free encyclopedia
Шанха́й Ма́стэрс 2016 (англ.: Shanghai Masters 2016, таксама вядомы як Bank of Communications Shanghai Masters 2016 — ад назвы спонсара) — прафесійны рэйтынгавы турнір па снукеры, які праходзіў з 19 па 25 верасня 2016 года на Шанхайскай гранд-сцэне, у Шанхаі, Кітай. Турнір стаў дзясятым розыгрышам Шанхай Мастэрс, які быў заснаваны ў 2007 годзе. Bank of Communications у шосты раз запар спансіраваў Шанхай Мастэрс. Прызавы фонд турніру склаў £465,200, з якіх £85,000 атрымаў пераможца.
Шанхай Мастэрс 2016 | |
Сезон | 2016/2017 |
---|---|
Тэрміны | 19 — 25 верасня 2016 |
Арэна | Шанхайская гранд-сцэна |
Горад | Шанхай |
Краіна | Кітай |
Арганізацыя | WPBSA |
Спонсар | Bank of Communications |
Фармат | Рэйтынгавы турнір |
Агульны прызавы фонд | £465,200 (+£5,000) |
Прызавыя пераможцы | £85,000 |
Мінулы чэмпіён | Кайрэн Уілсан |
Фінал | |
Пераможца | Дзін Цзюньхуэй |
Фіналіст | Марк Сэлбі |
Лік | 10:6 |
Статыстыка турніру | |
Колькасць удзельнікаў | 40 (+96) |
Колькасць матчаў | 39 (+95) |
Колькасць фрэймаў | 282 (+696) |
Колькасць соценных серый | 34 (+28) |
Найвышэйшая серыя | 147 (Стывен Магуайр) (кваліфікацыя: 136 (Майкл Холт)) |
←2015 ● Шанхай Мастэрс ● 2017→ | |
Снукерны сезон 2016/2017 | |
←Чэмпіянат свету з 6-цю чырвонымі шарамі |
Еўрапейскі Мастэрс→ |
Турнір уключаў у сябе чатыры кваліфікацыйныя раўнды, якія праходзілі на працягу чатырох дзён з 30 жніўня па 2 верасня 2016 года на арэне Метрадром у Барнслі, Англія, і ў якіх гулялі 112 удзельнікаў (106 прафесійных снукерыстаў і 6 аматараў). 16 пераможцаў апошняга кваліфікацыйнага раўнда трапілі ў асноўную стадыю, дзе да іх далучыліся 16 першых сеяных ігракоў і 8 уладальнікаў уайлдкард, якія гулялі ў папярэднім раўндзе супраць васьмярых ігракоў, якія прайшлі кваліфікацыю. Пасля гэтага, 32 снукерысты гулялі на выбыванне, пачынаючы з 1/16 фіналу. У ўайлдкард раўндзе і першых двух раўндах асноўнай сетцы на Шанхайскай гранд-сцэне выкарыстоўвалася чатыры гульнявыя сталы, у чвэрцьфіналах — два, а ў паўфіналах і фінале — адзін.
З васьмі ўладальнікаў уайлдкард у 1/16 фіналу прайшоў толькі 16-гадовы Юань Сыцзюнь, які разграміў Мартына Гоўлда ў першым матчы з лікам 5:0. Стывен Магуайр з Шатландыі выканаў максімальны брэйк у матчы ўайлдкард-раўнда супраць Сюя Ічэня, за што атрымаў узнагароду ў £2000 за найвышэйшую серыю на турніры і дадатковыя £5000 паводле правілаў пераходнага максімуму на рэйтынгавых турнірах. Гэты максімум стаў трэцім у кар'еры Магуайра, 120-м у гісторыі снукера, другім — у сезоне, чацвёртым — у 2016 годзе і трэцім максімальным брэйкам на Шанхай Мастэрс. Леташні пераможца Кайрэн Уілсан саступіў у першым раўндзе Майклу Холту з лікам 2:5, а леташні фіналіст Джад Трамп прайграў Майклу Уайту ў 1/8 фіналу з лікам 3:5. Лідар сусветнага рэйтынгу Марк Сэлбі, які перамог на Шанхай Мастэрс 2011 года, павялічыў свае рэкорды па колькасці выхадаў у чвэрцьфіналы (у сёмы раз) і па колькасці выхадаў у паўфіналы (у шосты раз) шанхайскага турніру, а ў паўфінальным матчы ён перайграў другога нумара рэйтынгу Сцюарта Бінэма, які ў трэці раз запар дайшоў да паўфіналу гэтага спаборніцтва, з лікам 6:5 і выйшаў у другі фінал Шанхай Мастэрс. Другім фіналістам стаў пераможца Шанхай Мастэрс 2013 года Дзін Цзюньхуэй, які ў чацвёрты раз запар дайшоў да чвэрцьфінальнай стадыі спаборніцтва ў Шанхаі і перамог у паўфінале Стывена Магуайра з лікам 6:3. Такім чынам, фінал стаў паўтарэннем апошняга фінальнага паядынку чэмпіянату свету, дзе Сэлбі перамог Дзіна з лікам 18:14.
Першым двухразовым пераможцам турніру стаў Дзін Цзюньхуэй, які перайграў на сваім шляху да тытула Скота Дональдсана (5:4), Марка Алена (5:2), Майкла Холта ў чвэрцьфінале (5:3), Стывена Магуайра з Шатландыі ў паўфінальным матчы (6:3) і чэмпіёна свету Марка Сэлбі ў фінальным паядынку (10:6). Такім чынам, 29-гадовы кітаец выйграў свой 12-ы рэйтынгавы тытул, другі снукерны турнір запар (пасля перамогі на чэмпіянаце свету па снукеры з шасцю чырвонымі шарамі ў пачатку верасня) і першы рэйтынгавы тытул за два з паловай года (пасля перамогі на адкрытым чэмпіянаце Кітая 2014 года). Апроч таго, гэтая перамога паспрыяла яго ўздыму ў рэйтынгу на 3 пазіцыі — з дзявятай на шостую.