Ліцьвіны
гістарычная саманазва беларусаў у Вялікім Княстве Літоўскім / From Wikipedia, the free encyclopedia
Ліцьвіны[1] (літвіны[1], літва; ст.-бел. литвины[2]) — назва тытульнага народу Вялікага Княства Літоўскага, гістарычнае найменьне і саманазва беларусаў эпохі ВКЛ[lower-alpha 1], якая ўжывалася поруч з русінамі[4][5][6][7][8]. Па Крэўскай уніі «ліцьвінамі» называліся каталікі ВКЛ у канфэсійным сэнсе, а таксама ўсё жыхарства ў нацыянальным сэнсе, «русінамі» ў ВКЛ называліся пераважна праваслаўныя ў канфэсійным сэнсе; таксама праваслаўныя жыхары ВКЛ называліся «ліцьвіны рускае веры», «ліцьвіны грэчаскага закону людзі» і да т. п.[9][10] Паводле энцыкляпэдыі «Этнаграфія Беларусі» 1989 году, 4-га тому Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі (1997 год) і 9-га тому Беларускай энцыкляпэдыі (1999 год), гэта назва жыхароў Вялікага Княства Літоўскага, пераважна заходніх беларусаў і ўсходніх летувісаў у XIV—XVIII стагодзьдзях, якая ў XVI—XVIII стагодзьдзях набыла гучаньне палітоніму — дзяржаўна-палітычнага вызначэньня ўсяго насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага[11][12]. У XVI—XVIII стагодзьдзях назва «ліцьвіны» была найбольш абагульняльнай этнанімічнай формай самасьвядомасьці літоўскага (беларускага) народу і адлюстроўвала найбольш шырокі ўзровень яго нацыянальнае кансалідацыі[13][14].
- Гэтая назва мае некалькі сэнсаў. Калі вас цікавяць іншыя сэнсы, глядзіце таксама Ліцьвіны (неадназначнасьць), Літоўцы (неадназначнасьць).
Дзеля вызначэньня беларусаў назва «ліцьвіны»[lower-alpha 2] шырока ўжывалася яшчэ ўсё XIX стагодзьдзе і захоўваецца ў сучасным частковым ужытку ў якасьці саманазвы вясковага жыхарства Беларусі[16][17]. Як адзначае беларускі гісторык Уладзімер Арлоў у кнізе «Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае», «Мы — беларусы, але мы і ліцьвіны, спадкаемцы гісторыі і культуры магутнай эўрапейскай дзяржавы — Вялікага Княства Літоўскага»[18].