Гімн Сэрбіі
From Wikipedia, the free encyclopedia
«Божа праўды» (па-сэрбску: Боже правде) — афіцыйны гімн Сэрбіі. Зацьвержданы 7 артыкулам Канстытуцыі Сэрбіі[1]. Быў дзяржаўным гімнам Княства Сэрбіі. «Божа праўды» таксама быў дзяржаўным гімнам Каралеўства Сэрбіі ад 1882 да 1918 году, пасьля чаго было створанае Каралеўства Югаславія. Быў рэкамэндаваны парлямэнтам Сэрбіі 17 жніўня 2004 году[2]. Сучасная вэрсія тэксту зацьверджаная Законам пра выгляд і ўжываньне гербу, сьцягу і гімну Рэспублікі Сэрбіі 11 мая 2009 году[3]. Музыка да песьні была напісаная славацкім і сэрбскім кампазытарам Даворынам Енка, а словы — Ёванам Джорджэвічам у 1872 годзе. Першапачаткова песьня прызначалася для п’есы «Марка становіцца імпэратарам» (сэрб. Marko kazuje na kome je carstvo). Папулярнасьць гэтай песьні спрыяла прыняцьцю яе ў якасьці Сэрбскага нацыянальнага гімну.
Боже правде | |
Божа праўды | |
Аўтар словаў | Ёван Джорджэвіч, 1872 |
---|---|
Кампазытар | Даворын Енка, 1872 |
Краіна | Сэрбія |
Зацьверджаны | 8 лістапада 2006 |
Інструмэнтальная вэрсія | |
Боже правде ў Вікісховішчы |
У часы Каралеўства Сэрбіі, гімн «Божа праўды» часам называлі «Сэрбскай нацыянальнай малітвай»[4], а ў тэксьце быў радок са зваротам да сэрбскага караля. Розныя кіраўнікі Сэрбіі зьмянялі гэты радок гімну, каб ён пасаваў ім. Падчас кіраваньня князя Мілана I Абрэнавіча, радок гучаў «Божа, беражы князя Мілана» (сэрб. knez Milana Bože spasi). Пасьля таго, як княства ператварылася ў каралеўства, словы «князя Мілана» былі зьмененыя на «караля Мілана». Пазьней словы зьмяняліся такім самым чынам падчас княжаньня Пятра I Карагеоргіевіча і Аляксандра I (1929—1934). У часы Каралеўства Югаславія «Божа праўды» была часткай нацыянальнага гімну.
Сучасны гімн выкарыстоўвае зьлёгку зьменены тэкст у сувязі з тым, што Сэрбія перастала быць манархіяй. Былі зьмененыя чатыры куплеты. У трох словы «Сэрбскі кароль» былі зьмененыя на словы «Сэрбскія землі», у чацьвёртым «Божа, беражы караля» зьмененая на «Божа захоўвай, Божа выратуй».
Інструмэнтальная вэрсія выкарыстоўвалася ў якасьці гімну Рэспублікі Сэрбскай у складзе Босьніі і Герцагавіны да 2006 году, калі канстытуцыйны суд Босьніі і Герцагавіны прызнаў гімн неканстытуцыйным.
Яшчэ ў 1992 годзе ў якасьці гімну Сэрбіі прапаноўваліся таксама «Паўстань, Сэрбія» (сэрб. Vostani Serbije) і «Марш на Дрыну» (сэрб. Marš na Drinu)[5]. Апошні быў прапанаваны сацыялістычнай партыяй Сэрбіі і атрымаў большасьць галасоў на рэфэрэндуме ў 1992 годзе, але не быў прыняты[6].