Францыск Скарына
беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар / From Wikipedia, the free encyclopedia
Францы́ск Скары́на, або Франці́шак Скары́на (паміж 1485—1490[1][2][3][4][5][6][7], або каля 1470[8][9], Полацк — каля 1551, Прага) — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар, асветнік-гуманіст, пісьменнік, грамадскі дзеяч, прадпрымальнік, вучоны-медык. Перакладчык і выдавец кніг Бібліі беларускім ізводам царкоўнаславянскай мовы.
Францыск Скарына | |
---|---|
Франциск Скорина с Полоцька ст.-слав: Франциск Скорининъ | |
Ф. Скарына. Гравіраваны партрэт з кнігі «Быццё». Прага. 1519 | |
Род дзейнасці | асветнік-гуманіст, пісьменнік, грамадскі дзеяч, прадпрымальнік, вучоны-медык |
Дата нараджэння | каля 1490 або паміж 1470 і 1490 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | каля 1551 |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Бацька | Лука Скарына |
Жонка | Маргарыта |
Дзеці | Сімяон, Францішак |
Альма-матар | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы | |
Творы ў Вікікрыніцах |
Нарадзіўся ў сям’і заможнага купца ў Полацку, адным са значнейшых гандлёвых і вытворчых цэнтраў Вялікага Княства Літоўскага. Магчыма, у Полацку атрымаў і пачатковую адукацыю. У 1504 годзе паступіў у Кракаўскую акадэмію, дзе атрымаў ступень бакалаўра, а ў 1512 годзе ў Падуанскім універсітэце стаў доктарам медыцыны. Пераехаў у Прагу і там 6 жніўня 1517 года выдаў першую друкаваную беларускую кнігу — «Псалтыр».
Лічыцца адным з найвыдатнейшых гістарычных дзеячаў Беларусі. Імем Францыска Скарыны названы вышэйшыя ўзнагароды краіны — медаль і ордэн, а таксама Гомельскі ўніверсітэт, Нацыянальная бібліятэка, грамадскае аб’яднанне Таварыства беларускай мовы, іншыя арганізацыі і аб’екты. У розных краінах Францыску Скарыну пастаўлены помнікі, а таксама прысвечаны скульптурныя і жывапісныя творы.