Гісторыя Віцебску
From Wikipedia, the free encyclopedia
Віцебск — даўняе магдэбурскае места, адно з найстарэйшых у Беларусі. Колішняя сталіца ўдзельнага княства, цэнтар гістарычнага рэгіёну і старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. У наш час прэтэндуе на неафіцыйны статус культурнай сталіцы краіны. Тут захаваліся меская ратуша, царква Зьвеставаньня Багародзіцы, царква Покрыва Багародзіцы на Маркаўшчыне, манастыр базылянаў, комплекс кляштару трынітарыяў з касьцёлам Апекі Найсьвяцейшай Панны Марыі, касьцёл Сьвятой Барбары і палац Кудзіновічаў, помнікі архітэктуры XII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся царква Сьвятых Барыса і Глеба на Пескаваціку, комплекс кляштару дамініканаў з касьцёлам Сьвятога Міхала Арханёла і Фарны касьцёл, помнікі архітэктуры XVIII ст., зруйнаваныя расейскімі ўладамі, а таксама цэрквы саборная Прачыстай Багародзіцы (адноўлена), Уваскрасеньня Хрыстова на Рынку (адноўлена), Узьвіжаньня Сьвятога Крыжа, Божага Яўленьня, Уваскрасеньня Хрыстова на Заручаўі, Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла, Сьвятога Яна Хрысьціцеля, Сьвятога Спаса, Раства Хрыстова, Сьвятога Духа і Сьвятой Тройцы, комплекс езуіцкага калегіюма з касьцёлам Сьвятога Язэпа, кляштарныя комплексы бэрнардынаў з касьцёлам Сьвятога Антонія і піяраў з касьцёлам Маці Божай Шкаплернай, помнікі архітэктуры XVII—XIX стагодзьдзяў, зруйнаваныя савецкімі ўладамі. Калі на пачатак XIX стагодзьдзя Віцебск упрыгожвала 12 унікальных твораў віленскага барока (другое месца пасьля Вільні), то па расейскім і савецкім панаваньні зь іх захаваўся толькі адзін у перабудаваным выглядзе.