Этнічная тэрыторыя беларусаў
From Wikipedia, the free encyclopedia
Этні́чная тэрыто́рыя белару́саў — тэрыторыя кампактавага расьсяленьня беларусаў як этнасу, зь якой мае повязі іхныя этнагенэз і этнічная гісторыя. Геаграфічнае асяродзьдзе, якое належыць этнічнай тэрыторыі, гэта ня толькі прастора пражываньня, але і жыцьцёвая аснова, якая абумоўлівае спэцыфіку матэрыяльнай (гаспадарчыя заняткі, тыпы пасяленьняў, асаблівасьці прасторавых кантактаў) і духоўнай культуры.
На пачатак ХХ стагодзьдзя, паводле навуковых дасьледаваньняў, якія ў асноўным пацьвярджаліся зьвесткамі афіцыйных перапісаў насельніцтва, беларусы складалі большасьць жыхароў гістарычных Смаленшчыны і Старадубшчыны (цяпер частка Смаленскай і Бранскай вобласьцяў Расеі), а таксама Віленшчыны і паўднёва-ўсходняй Троччыны (частка Віленскага павету Летувы), усходняга Падляшша (частка Падляскага ваяводзтва Польшчы) і паўднёва-ўсходніх Інфлянтаў (частка Дагдзкага, Дзьвінскага Зілупскага, Краслаўскага і Люцынскага краёў Латвіі). Згодна з Трэцяй Устаўной граматай на падставе колькаснай перавагі беларусаў гэтыя тэрыторыі ў 1918 годзе абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі, у 1919 годзе большая іх частка ўвайшла ў склад утворанай у Смаленску Беларускай ССР. Аднак неўзабаве маскоўскія бальшавікі адабралі ў склад РСФСР ня толькі Смаленшчыну і Старадубшчыну, але таксама гістарычныя Амсьціслаўшчыну разам з Амсьціславам, Аршаншчыну з Воршай, Віцебшчыну зь Віцебскам, Панізоўе з Рэчыцай і Полаччыну з Полацкам (пазьней у 1924 і 1926 гадох частку гэтых тэрыторыяў вярнулі ў склад БССР, але Расея пакінула сабе месты і мястэчкі Вяліж, Жукава, Любавічы, Манастыршчыну, Мікулін, Невель, Пятровічы, Пячэрск, Рудню, Себеж, Шумячы, Усьвяты і Хаславічы), тым часам заходнюю палову Беларусі перадалі ў склад міжваеннай Польскай Рэспублікі, усе Інфлянты і частку Полаччыны з прадмесьцем Друі Прыдруйскам — у склад Латвіі. У верасьні 1939 году, па далучэньні да СССР Заходняй Беларусі, Сталін перадаў Летуве большую частку Віленшчыны зь Вільняй, а таксама паўднёва-ўсходнюю Троччыну з Трокамі і частку Браслаўшчыны, у кастрычніку 1940 году да іх дадаліся раней афіцыйна далучаныя да БССР часткі Гарадзеншчыны з Друскенікамі і Ашмяншчыны з Гадуцішкамі, Дзевянішкамі, Салечнікамі і Сьвянцянамі[1], таксама ў 1939 годзе да Ўкраінскай ССР далучылі частку Піншчыны з Высоцкам, Дольскам, Дубровіцай, Любяшовам, Нобелем і Пагостам Зарэчным, а ў склад Трэцяга Райху перадалі заходнюю Берасьцейшчыну і паўночна-заходнюю частку Гарадзеншчыны. Па заканчэньні Другой Сусьветнай вайны ў 1945 годзе Масква перадала Польшчы ўсё Падляшша, заходнюю Гарадзеншчыну (Васількаў, Гарадок, Дуброву Гарадзенскую, Заблудаў, Карыцін, Крынкі, Кузьніцу, Ліпск, Саколку, Сідру, Супрасьлю, Сухаволю, Штабін, Янаў) і частку Ваўкавышчыны зь Ялоўкай.
Далучэньне этнічна беларускіх зямель да іншых дзяржаваў, а таксама немагчымасьць атрыманьня адукацыі на роднай мове (у 1930-я гады ўсякая беларуская дзейнасьць на Смаленшчыне трапіла пад забарону[2], у гэты ж час латвійскія ўлады канчаткова ліквідавалі беларускія адукацыйныя ўстановы на беларускай частцы Інфлянтаў[3], у 1945 годзе летувіскі ўрад у асобе міністра асьветы Жугжды не дазволіў адчыніць у Вільні ніводнай беларускай школы, адначасна ліквідаваўшы Віленскую беларускую гімназію і Беларускі музэй імя Івана Луцкевіча[4]) прывялі практычна да поўнай асыміляцыі тамтэйшага беларускага насельніцтва.