Гісторыя Менску
From Wikipedia, the free encyclopedia
Менск — даўняе магдэбурскае места і цэнтар гістарычнага рэгіёну. Належыць да ліку старадаўніх местаў Усходняй Эўропы[1]. Сталіца ўдзельнага княства, найбольшага ў Вялікім Княстве Літоўскім ваяводзтва і Беларускай Народнай Рэспублікі. У наш час палітычны, эканамічны, сацыяльны, культурны і навуковы цэнтар Беларусі. Тут захаваліся падмуркі старажытнай царквы на Замчышчы, царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла, комплекс жаночага і мужчынскага базылянскіх манастыроў Сьвятога Духа, Траецкі манастыр базылянак, комплексы кляштараў бэрнардынак з касьцёлам Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і бэрнардынаў з касьцёлам Сьвятога Язэпа (абодва ў стылі віленскага барока), фрагмэнты езуіцкага калегіюму і касьцёл Імя Найсьвяцейшай Панны Марыі, забудова Траецкага і Ракаўскага прадмесьцяў, гасьціны двор, палацы Празьдзецкіх і Ваньковічаў, помнікі архітэктуры XII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся меская ратуша (адноўлена), кляштарныя комплексы францішканаў з касьцёлам Сьвятога Антонія, кармэлітаў з касьцёлам Сьвятой Марыі Магдалены і баніфратаў з касьцёлам Сьвятога Яна, помнікі архітэктуры XVI—XIX стагодзьдзяў, зруйнаваныя расейскімі ўладамі. Значную частку мясцовых славутасьцяў зьнішчылі за савецкімі часам: забудову і культурны пласт замка, царкву Сьвятога Духа (рэнэсанс, адноўлена на захаваных падмурках), кляштарныя комплексы бэнэдыктынак з касьцёлам Сьвятога Войцеха (віленскага барока) і дамініканаў з касьцёлам Сьвятога Тамаша Аквінскага, вежу і большую частку езуіцкага калегіюму, Халодную сынагогу (готыка), палацы Радзівілаў і Сапегаў, Юбілейную капліцу, забудову вуліцы Нямігі, помнікі гісторыі і архітэктуры XI—XIX стагодзьдзяў.